Прыказкі, конкурсы, сцэнарыі, загадкі, калыханкі, прыпеўкі, вершыкі і шмат іншага для беларускіх дзетак
Мультфільмы з беларускім тэкстам
"Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў
"Вясёлка"
Букаландыя - гэта горад-краіна, размешчаная... на дрэве. Па тоўстых галінах бягуць вуліцы, абапал якіх - дамкі, гнёзды і дуплы мясцовых жыхароў. Тота, Вядзёрак, Элізар, Ківак і Зэмбуля занятыя сваймі будзённымі клопатамі. Але ж аднойчы каля незвычайнага дрэва з'яўляецца чужынец. Вялікі і няўклюдны, ён вельмі адрозніваецца ад жыхароў Букаландыі. Спачатку яны ставяцца да яго стрымана, нават з недаверам, але неўзабаве даведваюцца, што чужынец, Бульбэр, шукае сяброў.
https://youtu.be/W2vF_AhaUtg Букаландыя 01. Бульбэр
https://youtu.be/HIRifZUzkM0 Фільм са страшнаю назваю 11
https://youtu.be/KZs-eNcLHG4 Прыгоды ката Філімона.34 Сябар Ліс
https://youtu.be/nIL_pahtHaQ Прыгоды ката Філімона.20 Як кот з сабакам
https://youtu.be/uWwJ4sCDc6A Прыгоды ката Філімона.26 Дзірка ў плоце
https://youtu.be/Du5ZrczF5Tw Прыгоды ката Філімона 01. Турнір
https://www.youtube.com/watch?v=wmf6xSwVpVk Матыльда.01 Як ловяцца мышы
https://youtu.be/4_wFh_j16NI Між намі, бусламі.01 Вяртаньне буслоў
https://youtu.be/95tFIAazWJ0 Мядзьведзік Фантазік 02.Таямніца крышталя
https://youtu.be/vPjzCPWuQjM Мядзьведзік Фантазік 03.Месяцовая краіна
https://youtu.be/vHSbjgVh0tw Мядзьведзік Фантазік 01.Блакітны Мядзьведзік
https://youtu.be/_kwb4Yk5Lnc Мядзьведзік Фантазік 13.Імяніны Фантазіка
https://youtu.be/KkaTRf_Mias Мядзьведзік Фантазік 12.Маяк ліхтарыя
https://youtu.be/xO9v1jnueYE Мядзьведзік Фантазік 08.Зьнішчаная пячатка
https://youtu.be/gMe7T_Of4-s Мядзьведзік Фантазік 07.Пурпуровая жамчужына
https://youtu.be/ab3NbJU6AHI Букаландыя 03. КатарСтрофа
Гульні-карагоды для маленькіх
Полька-Янка
(танец-гульня для малых)
1. Усе за ручкі сябра ўзялі,
Хутка парачками сталі.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Будзем польку танцаваць.
Прыпеў: Закружыліся хутчэй,
Ўсім нам стала весялей (2 разы)
2. Будзем мы с табой дружыць,
Па далоньках гучна біць
І вось так, і вось так,
Па далоньках гучна біць.
3. Як не будзем мы мірыцца
Будзем пальчыкам сварыцца,
І вось так, і вось так,
Будзем пальчыкам сварыцца.
4. Нашы ручки, патанцуйце, (ліхтарыкі)
Ну, а дзеткі пастаяць.
Хутка разам уцякайце...
Выхавацель: Я вас буду даганяць!
Гульня "Арэлі"
(Дзеці стаяць у крузе, трымаюцца за рукі і махаюць руками наперад-назад)
Гой-да, гой-да, на арэлі селі,
Гойда, гой-да, песеньку запелі.
Вось так, вось так - хутка разгайдаліся, (Тупаюць ножкамі і паскараюцца з кожным разам)
Вось так, вось так - весела смяяліся! (Падаюць і рагочуць!)
ПРЫГОДЫ ЧОРНАГА, ШЭРАГА І БЕЛАГА
Дзейныя асобы: мама-котка, шэрае кацяня, белае кацяня, чорнае кацяня, мыш, жабка, рыба.
Мама-котка збіраецца ў госці. Старанна мыецца перад люстэркам.
Ш.К. (выбягае з кулісы)
- Мяў, матуля, ты куды?
М.К. - У госці я, гады ў рады.
Б.К.(выбягае з кулісы, за ім Ч.К.)
- Мяў, матулечка, нядзеля!
Ч.К. – Мы гуляць пайсці хацелі!
М.К. (гладзіць кацянятаў, тыя лашчацца)
- Буду хутка, абяцаю. Вось тады і пагуляем! Вы тут без мяне цішэй, не палохайце мышэй!
(сыходзіць,з кулісы выкатваецца клубок. Кацяняты пачынаюць з ім гуляцца. З іншай кулісы крадком выходзіць Мыш.)
Мыш: - Мама-котка выйшла з хаты. Дома толькі кацяняты. Хай дурэюць, хай гуляюць. Я пад’есці пашукаю.
Б.К. – Вой, глядзіце!
Ш.К. – Гэй, лавіце!
Ч.К. – Даганяйце!
Мыш – Не чапайце!
(Кругамі бегаюць па сцэне. З кулісы высоўваюць скрыню з мукой, нарэшце мыш ускоквае ў скрыню з мукой, за ім кацяняты. Кацяняты за сцэнай крычаць “Трымай, шукай, не выпускай!” Выходзяць у белых накідках.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(Сыходзяць са сцэны. Выскоквае Жабка.)
Жаб – Квах, які цудоўны дзень! Ква-а, а хто гэта ідзе?
(На сцэну выходзяць цугам кацяняты. Жабка па кроку адступае, кацяняты наступаюць. Так праходзяць кола. З кулісы высоўваюць чорны комін.)
Жаб – Ква-а-пабачэння!
(жабка лезе ў комін. Кацяняты на момант спыняюцца перад комінам, зазіраюць туды.)
Б.К. – Перапэцкаемся зноў!
Ш.К. – Можа, лепш пайсці дамоў?
Ч.К. – Ды лезце хутчэй, бо жабка ўцячэ!
(Па адным кацяняты лезуць у комін. З кулісы выскоквае Жабка ў чорным.)
Жаб – Ква-ха-ха, ква-ха-ха! Поўзаюць, шукаюць! А як вылезуць – сябе самі не пазнаюць!
(Жабка скача праз сцэну, з апошнім “ква-ха-ха” знікае ў кулісе. Па адным выходзяць кацяняты ў чорным, аглядаюць сябе, уздыхаюць.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(З кулісы выходзіць рыба, выносіць перад сабой “сажалку” з чаротам абапал.)
Б.К. – Вой, глядзіце!
Ш.К. – Гэй, лавіце!
Ч.К. – Даганяйце!
(Рыба хаваецца ў сажалку, туды ж скачуць кацяняты. Пэўны час выскокваюць з вады па чарзе галовы, адфыркваюцца, пытаюцца “дзе рыба?” , за гэты час скідаюць чорныя хламіды, вылазяць па адным.)
Б.К. – Не злавілі.
Ш.К. – Упусцілі.
Ч.К. – І да ніткі змоклі ўсе!
(хорам) – Нам ад мамы пападзе!
(Ідуць, панурыўшыся, колам па сцэне. Сажалка знікае, выкатваецца клубок. Кацяняты садзяцца вакол клубка на падлогу, кладуцца , пазяхаюць і засынаюць.)
М.К. (выходзіць на сцэну, аглядае кацянятаў)
- Дзеці, мы ідзем гуляць!
К.К. (хорам, прыўзняўшыся з падлогі):
- Мяў, матуля, дай паспаць!
КАНЕЦ
Як Данік і Данута ў доктара гуляліся
(На сцэне Данута з лялькай. На століку – блісцеры з таблеткамі, слоічкі з кроплямі, стэтаскоп, лыжка, шпрыц )
Данута (садзіць ляльку на крэсла): — Адкрыйце рот, шаноўная… А-а-а… Даражэнькая, ды ў вас горла чырвонае! Гэта, мусіць, ангіна! Не трэба было есці пяць порцый марозіва за раз! Прапісваю вам горкія таблеткі! (бярэ блісцер, дастае таблетку, пхне ляльцы ў рот, кідае на падлогу, уздыхае) Нецікава!
(уваходзіць Данік)
Данік: — Данутка, што ты робіш?
Данута: — Хацела ў доктара пагуляцца, але з лялькамі нецікава: яны таблетак не глытаюць.
Данік: — З катом пагуляйся!
Данута: — Спрабавала! Во як падрапаў! (паказвае рукі) Данік! Давай я цябе буду лячыць!
Данік (паціскае плячыма): — Дык у мяне нічога не баліць! Я здаровы!
Данута: — Ну Данічак, ну калі ласачка!
Данік: — Ну, добра, добра! Лячы!
Данута: — Сядайце, шаноўны, я вас паслухаю! (прыстаўляе стэтаскоп) Дыхайце… не дыхайце… У вас моцныя хрыпы! Я вам прапісваю сіроп!
Данік: — Салодкі? Тады давай! А то я горкія таблеткі не люблю! (Данута налівае ў лыжку са слоіка) Больш лі, не шкадуй! Давай! (выпівае) Смачна! Давай яшчэ!
Данута: — Вы такі добры пацыент, вось вам яшчэ таблеткі! (дастае некалькі таблетак)
Данік: — Вой, Данутка! А мама ж казала, што самім нельга браць таблеткі!
Данута: — Я доктарка, ты павінен мяне слухацца! Хуценька глынай! Гэта вітаміны!
Данік: — Ну, калі вітаміны… (кладзе таблеткі ў рот, крывіцца, адварочваецца, хуценька выплёўвае таблеткі ў руку, сціскае кулак) Добра, я ўжо здаровы. Пайду з пацанамі ў футбол пагуляю!
Данута: — Пачакайце, шаноўны! Я зраблю вам прышчэпку! (бярэ шпрыц)
Данік: — Не трэба! Я не хачу!
Данута: — Трэба! Я доктарка, я ведаю!
(уваходзіць Марына)
Марына (строга): — Што за спрэчка?
Данута: — Марына! Скажы яму!
Марына: — Што сказаць?
Данута: — Скажы, каб мяне слухаўся! А то ён прышчэпку рабіць не хоча!
Данік (злосна): — Прышчэпку не буду! Хопіць, што сіроп піў ды таблеткі глынаў!
Марына (занепакоена): — Што за сіроп? Якія таблеткі?
Данік (маша рукой): — Не ведаю. У Дануты спытай. Яна ж доктарка!
Данута: — Той сіроп, што мама ад кашля дае! А таблеткі замест вітамінаў… Бо мама казала, што вітаміны скончыліся…
Марына (разглядае блісцеры): — І ты, Данік, шмат гэтых таблетак з’еў?
Данік: — Штук пяць, можа, шэсць… А што?
Марына (бярэ Даніка за руку): — Тады апранайся, паедзеш у лякарню. Зараз “хуткую дапамогу” паклічам…
Данік (вырывае руку): — Дык я ж здаровы!
Марына: — Трэба прамыць табе страўнік, каб вымыць таблеткі, інакш ты можаш атруціцца і памерці!
Данік (спалохана): — Вой, нешта мне сапраўды кепска… галава кружыцца ды жывот баліць…
Данута (спалохана): — Данічак! А ты ўжо іх праглынуў? Можа, яшчэ выплюнеш?
Данік (узгадвае): — Зусім забыўся! (расціскае кулак, паказвае таблеткі) Марына, яны ўсе тут! Я адразу ж выплюнуў, бо яны надта ж горкія! Можа, не трэба ў лякарню, а? Мне ўжо лепей!
Марына (уздыхае з палёгкай): — Добра, што ты не стаў глытаць таблеткі. Але вы павінны запомніць на ўсё жыццё: нельга ўжываць лекі проста так! Лекі дзецям прызначае доктар, а дае нехта з дарослых! Ні сіропы, ні таблеткі, ні нават вітаміны дзеці самі браць не павінны! Дарэчы, калі зрабіць укол ці прышчэпку няправільна, Данута, таксама можна захварэць! Зразумелі?
Данута: — Зразумелі. Я больш не буду лекі браць. А калі вырасту, стану доктарам!
Данік: — І я таксама!
Марына (дастае некалькі яблыкаў): — Малайцы! А зараз, каб ніхто з вас не хварэў, будзем есці вітаміны. Прыродныя!
Данік і Данута (разам): — Дзякуй табе, Марына!
Марына: — На здароўе! А хочаце, мы разам пагуляем у доктара? Толькі замест таблетак возьмем цукеркі!
Данік і Данута (разам): — Ура!
Алена Церашкова
Як Данік і Данута падарункі рыхтавалі
Марына: — Данік! Данута! Хадзіце сюды, размова ёсць!
Данік (незадаволена): — Чаго табе, Марынка? Мы ў хованкі гуляемся, а ты замінаеш!
Данута: — Кажы хутчэй, што трэба! У нас часу няма!
Марына: — Вы памятаеце, што хутка Новы год?
Данік і Данута (хорам): — Памятаем!
Данута (пакрыўджана): — Гэта мама не памятае! Я ёй кожны дзень нагадваю: трэба замовіць Дзеду Марозу новую ляльку, каб сама хадзіла ды размаўляла! А мама ўсё забываецца!
Данік (паблажліва): — Вось дурное дзяўчо! Верыць у Дзеда Мароза! Падарункі нам купляюць бацькі! Я вось тату так і сказаў: падары мне ровар, як у Петруся! І падзорную трубу!
Марына (задуменна): — Кажаш, дзеда Мароза няма?
Данік (пераканана): — Няма!
Марына: — Дзіўна, а хто ж мне тады гэтую паштоўку даслаў? (паказвае навагоднюю паштоўку)
Данута (падскокваючы): — Марыначка, пачытай!
Марына (урачыста): — Дарагія дзеці! Данута і Данік! Я захварэў, і магу не паспець павіншаваць усіх асабіста. Я прашу вашай дапамогі! Павіншуйце, калі ласка, тату, маму і бабулю з Новым годам! Дзякуй за дапамогу, ваш Дзед Мароз!
Данік (са шкадаваннем): — Эх, не будзе ў мяне ровара…
Данута (спалохана): — Вой, Марынка, а калі Дзед Мароз зусім не паправіцца?..
Марына (упэўнена): — Абавязкова паправіцца! Яму толькі трэба як след адпачыць! Але хто ж тады ўсіх павіншуе…
Данік і Данута (разам): — Мы павіншуем! Мы справімся!
Марына: — Вось і добра! Падумайце пакуль, потым мне распавядзеце!(сыходзіць)
Данута: — Я ведаю, што я маме падару! Яна мне год таму ляльку падарыла. А лялька гэтая мне зусім не падабаецца! Вось і падару назад!
Данік: — А я тату падару свае старыя канькі! Мне яны усё роўна малыя!
Данута: — А што бабулі падарыць?
Данік: — Можа, кніжку пра калабка?
Данута: — Я гэтую кніжку сама люблю! Лепей твой футбольны мяч!
Данік: — А чым я гуляцца буду? (з’яўляецца Марына)
Марына: — Ну што, прыдумалі?
Данік: — Тату і маме прыдумалі, а бабулі — не.
Данута: — Таму што і кніжка, і мяч футбольны нам самім трэба!
Марына (здзіўлена): — Бабулі? Футбольны мяч? А, зразумела! Дык вы лічыце, што падарунак — гэта тое, што самім больш не трэба, так?
Данік і Данута (разам): — Так!
Марына: — Данік, што табе бабуля падарыла на дзень народзінаў?
Данік: — Шахматы! Такія прыгожыя — у двары ні ў каго такіх няма!
Марына: — А табе, Данута?
Данута: — Новы посуд для лялек!
Марына: — Вы былі рады падарункам, так?
Данік і Данута (разам): — Так!
Марына: -А ці ўзрадуецца бабуля, калі ей падарыць стары мяч?
Данік і Данута (разам): — Не…
Данута (капрызна): — А адкуль нам ведаць, што бабулі хочацца на Новы год?
Данік (сур’езна): — А я ведаю! Бабуля пруткі для вязання згубіла. А ў мяне кавалак дроту есць, я зраблю ёй новыя пруткі! І вушкі на іх загну, каб петлі не збягалі!
Марына: — Малайчына, Данік! А што вы вырашылі дарыць тату і маме?
Данік (няўпэўнена): — Ну… мы… хацелі… Марына, а можна, мы яшчэ падумаем?
Данута: — Мы ўсё зразумелі! Падарункі павінны прыносіць радасць і карысць! Нельга дарыць тое, што самому не трэба! І дарыць назад тое, што табе падарылі, непрыгожа, мне мама казала…
(Разбягаюцца. Потым выходзіць Марына)
Марына: — Данік, Данута! Вам паштоўка ад Дзеда Мароза! (з’яўляюцца Данік і Данута)
Данік (нецярпліва): — Чытай хутчэй!
Марына: “Дзякуй вам, мае памочнікі! Тата, мама і бабуля вельмі ўзрадаваліся вашым падарункам. Пад елкай вас чакаюць лялька і падзорная труба! А ровар падару ўвесну, бо зараз ляжыць снег! Ваш Дзед Мароз.
Данік і Данута (разам): — Ура!
Данута: — Марынка! А мы ведаем яшчэ аднаго памочніка Дзеда Мароза! Гэта ты!
Марына: — Кожны чалавек пад Новы год можа стаць памочнікам Дзеда Мароза. І тады ўсім будзе весела!
А вы, сябры, дапамагаеце Дзеду Марозу?
Алена Церашкова
Як Данік і Данута ў аўтобусе ехалі
(на сцэне два крэслы побач, нібыта ў аўтобусе. Выбягаюць Данік і Данута)
Данута (адпіхвае Даніка): - Я каля вакна сяду! (садзіцца на крэсла)
Данік: - Так нячэсна! Чаму заўсёды ты каля вакна?
Данута: - Хто паспеў, той і сеў! Хто паспеў, той і сеў! (высоўвае язык)
Данік: - Добра, наступным разам пабачым, хто паспее! (плюхаецца на сядзенне. Уваходзіць старэнькая бабуля з кійком, становіцца побач з Данікам. Данута глядзіць у вакно. Данік ёрзае на сядзенні, мнецца, раз-пораз пазірае на Дануту, ўрэшце ўздыхае ды ўстае) Сядайце на маё месца, калі ласка.
Бабулька (ласкава): - Дзякуй табе, хлопчык, але не трэба. Я ўжо выхадзіць буду.
(Бабулька выходзіць. Данік, задаволены, зноў плюхаецца на сядзенне, штурхае Дануту)
Данік: - Чаму старой месца не саступіла?
Данута: - Якой старой? Я й не заўважыла. А, той, што толькі што выходзіла? Дык яна не збіралася садзіцца, гэта любому зразумела было.
(Данута адварочваецца. Заходзіць кабета з вялікімі валізамі. Данік весела падымаецца)
Данік: - Сядайце, а то ў вас торбы цяжкія!
(кабета ставіць валізы на сядзенне і застаецца стаяць побач. Данік паціскае плячыма й разводзіць рукамі. Кабета забірае валізы і сыходзіць)
Данута (здзекліва): - А торбам я таксама павінна была месца саступіць?
Данік (злосна): - А ногі не адваліліся б!
(Данута зноў адварочваецца да вакна. Уваходзіць хлопец на мыліцах, становіцца каля Даніка. Той глядзіць на Дануту, потым уздыхае, падымаецца)
Данік: - Сядай, дружа. (хлопец моўчкі садзіцца, трохі сядзіць, потым моўчкі выходзіць) Нават не падзякаваў… (садзіцца, штурхае Дануту) Чаму ты яму месца не саступіла?
Данута: - А як бы ён сюды пралез са сваімі мыліцамі? Яму на тваім месцы зручней! (на сцэну ўваходзіць настаўніца, Данута адразу выбіраецца са свайго крэсла)Пусці мяне! Сядайце, Таццяна Васільеўна!
Данік (абурана): - Так нячэсна! Ты толькі тым месца саступаеш, хто цябе пахваліць! Таццяна Васільеўна, сядайце лепей на маё месца!
Таццяна Васільеўна: - Дзякуй, Данік. (садзіцца на Данікава месца)
Данута (пакрыўджана): - І чым гэта маё месца горшае? Яно ж каля вакна!
Таццяна Васільеўна: - Месца тваё добрае, але мне прапанова Даніка болей спадабалася. Бо Данік не толькі мне месца саступае. Ён шануе старых і шкадуе слабейшых. Малайчына, Данік. А табе, Данута, трэба добра падумаць.
(Настаўніца выходзіць. Дзеці садзяцца)
Данута (задумліва): - Я зразумела. Трэба быць уважлівым да ўсіх людзей. І не чакаць абавязкова, што цябе пахваляць. Калі побач з табой стары чалавек ці хворы, трэба яму дапамагчы.
Данік: - А вы, рабяты, уважліва ставіцеся да людзей, што побач з вамі?
Алена Церашкова
Яніна Жабко: Таямнічыя зоркі
Дзейныя асобы:
Маляваныч – хлопчык-мастак,
Топа – мядзведзік,
Яначка – лісяня.
На сцэне, на сцяне, вісіць вялікая карта зорнага неба. Маляваныч у тэлескоп уважліва разглядае зоркі.
Маляваныч. Якое казачнае відовішча! Колькі зорак! А вось сузор’е Жырафы! І Леў глядзіць на мяне!
На сцэне з’яўляюцца Топа і Яначка.
Топа. Дзе ты, Маляваныч, бачыш жырафу і льва? Яны што, у гэтай трубе сядзяць? Ха-ха!
Маляваныч. Нічога ты не разумееш! Гэта незвычайная труба – тэлескоп. Праз яе можна назіраць зоркі. Тэлескоп робіць іх у многа разоў большымі. А Жырафа і Леў – гэта не звяры, а сузор’і.
Яначка. Ой, як цікава! (Заглядае ў тэлескоп.)
Топа. Пачакай, Яначка! Мая бабуля казала, што на небе ёсць сузор’е, якое называюць Вялікай Мядзведзіцай. І мне, Маляваныч, вельмі хочацца яго ўбачыць!
Маляваныч. Зараз я знайду табе гэта сузор’е. Яго яшчэ называюць Вялікім Каўшом. Вось яно, Топа, глядзі! У ім – сем зорак.
Топа. Ой! Усё неба зіхаціць зоркамі – вялікімі і маленькімі.
Маляваныч. Топа, ты бачыш Вялікую Мядзведзіцу?
Топа. Я хутчэй знайшоў бы гэта сузор’е, калі б ты, Маляваныч, яго намаляваў.
Маляваныч. Калі ласка! (Малюе і аддае мядзведзіку.)
Топа (глядзіць на малюнак, потым у тэлескоп). Якая ж гэта мядзведзіца? Сузор’е сапраўды больш падобна на коўш, з якога можна папіць вады.
Яначка. Хопіць табе ўжо ўглядацца ў неба: яно ж не толькі тваё. Дай і мне разок зірнуць.
Топа. Ты, Яначка, і так маеш зоркія вочы. За пяць вёрст курачку ўбачыш. Вось злічу ўсе зоркі, тады і глядзі!
Маляваныч. Не вельмі старайся! Каб злічыць усе зоркі на небе, жыцця не хопіць.
Яначка адпіхвае ад тэлескопа Топу.
Яначка. Дай зірнуць! (Глядзіць у тэлескоп.) Ой! А мне ўсе зоркі міргаюць, нібы клічуць да сябе пагуляць. Маляваныч, а крумкач зможа даляцець да зорак?
Маляваныч. Ты што, Яначка! Хоць крумкач і жыве трыста гадоў, але і яму жыцця не хопіць, каб даляцець нават да самай блізкай зоркі.
Яначка. Глядзіце, глядзіце! Зорачка падае! Можа, яна ўбачыла мяне і захацела прыляцець у госці?
Топа. Я і без тэлескопа яе бачу! Ой, ужо знікла!
Яначка. Маляваныч, а ці можна ў тваім тэлескопе ўбачыць, як Баба Яга на мятле лятае?
Топа. Кажуць, яна далятае да зорак, хапае іх і складвае ў свой мех.
Маляваныч. Супакойцеся! Гэта ўсё казкі. А сёння вы бачылі, як на небе гуляюць таямнічыя зоркі, як месячык ясны між імі плыве. Толькі ні ў якім тэлескопе вы не ўбачыце, хто кожны вечар прыходзіць да ўсіх нас. Прыходзіць ціха, як невідзімка.
Яначка і Топа (разам). А мы ведаем, гэта – сон!
Пазяхаюць, паціраюць вочы. Дзіцячы хор выконвае песню-калыханку.
Дзмітрый Сергейчук: Свята колераў вясёлкі
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
Вясёлка,
Чырвоны колер,
Аранжавы колер,
Жоўты колер,
Зялёны колер,
Блакітны колер,
Сіні колер,
Фіялетавы колер.
Гучыць музыка. Сем колераў Вясёлкі выконваюць харэаграфічную кампазіцыю. Нечакана грыміць гром. Ад яго ўсе колеры разбягаюцца ў розныя бакі. З’яўляецца Вясёлка, апранутая ў белае адзенне.
ВЯСЁЛКА. Прывітанне, сябры! Вы мяне, пэўна, не пазналі. Я – Вясёлка. Чаму невясёлая сёння? Злосны гром разагнаў усе мае колеры. З вашай дапамогай я зноў збяру іх разам. Першы колер – чырвоны. Калі ласка, падыдзіце да мяне ўсе, хто атрымаў папяровыя палавінкі чырвоных сэрцаў. Справа ад мяне становяцца хлопчыкі, злева – дзяўчынкі. У кожнага з вас у руках – палавінка сэрца. Вам трэба знайсці сваю палавінку, каб атрымалася адно сэрца.
Удзельнікі гульні знаходзяць свае палавінкі і ўтвараюць пары.
З’яўляецца чырвоны колер.
Чырвоны колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць фонавая музыка. Чырвоны колер адорвае пераможцаў.
ВЯСЁЛКА. Наступны мой колер – аранжавы. Вось вам ватманы і каляровыя алоўкі. Капітаны дзвюх каманд павінны намаляваць на сваім ватмане апельсін. Пераможа той, хто зробіць гэта хутчэй і прыгажэй.
З’яўляецца аранжавы колер.
Аранжавы колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Аранжавы колер адорвае пераможцу.
ВЯСЁЛКА. Жоўты колер – колер сонца. Без сонца немагчыма жыццё. А якое жыццё без песні? Прапаную вам назваць песні, у якіх сустракаецца слова “сонца”. За кожны правільны адказ атрымаеце папяровае сонейка. У каго іх будзе болей, той і пераможца.
З’яўляецца жоўты колер.
Жоўты колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Жоўты колер адорвае пераможцаў.
ВЯСЁЛКА. Наступны колер – зялёны. Гэта колер жыцця, колер прыроды. Зараз мы праверым, ці добра вы ведаеце назвы дрэў, якія растуць у лесе. Вось зялёны паветраны шарык. Перадавайце яго па крузе і называйце розныя дрэвы. Той, хто не адкажа альбо затрымае шарык, – выбывае з гульні.
З’яўляецца зялёны колер.
Зялёны колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Зялёны колер адорвае пераможцаў.
ВЯСЁЛКА. Блакітны і сіні – колеры неба. У вышыні мы бачым не толькі птушак, але і самалёты. Няхай кожны з вас зробіць папяровы самалёт. Чый самалёт заляціць далей – той і будзе пераможцам.
З’яўляюцца блакітны і сіні колеры.
Блакітны і сіні колеры. Дзякуй, вы вярнулі нас Вясёлцы!
Гучыць музыка. Блакітны і сіні колеры адорваюць пераможцу.
ВЯСЁЛКА. Ну вось, сябры, з вашай дапамогай удалося вярнуць шэсць колераў. Застаўся апошні – фіялетавы. Ён заззяе, калі вы станчыце беларускую польку.
З’яўляецца фіялетавы колер.
Фіялетавы колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Фіялетавы колер адорвае лепшых танцораў.
ВЯСЁЛКА. Дарагія сябры! Злосны гром разагнаў мае колеры. Вы дапамаглі мне вярнуць іх. І я зноў – яркая і вясёлая. Дзякуй вам усім!..
Гучыць музыка. Сем колераў Вясёлкі кружацца ў карагодзе.
АДКРЫЦЦЁ ЛЯСНОЙ КАВЯРНІ - загадкі
Гаспадар кавярні трус
Пасцяліў на стол ____________.
Тры вавёрачкі ў барэтках
Спрытна складваюць _______________,
Дзве бялюткія галубкі
Дружна выціраюць ____________,
Зімародак мые ____________,
А заранкі - _________________,
Мышкі адшукалі _____________,
Кіскі вылізалі _____________,
Прыляцеў з балота драч,
Малака прынёс _____________,
Хітрая ліса-сястрыца
Соль насыпала ў _______________,
Сам мядзведзь прынёс цукеркі
Ды насыпаў у _______________,
А з кішэні камізэлькі
Квасу выцягнуў ________________.
Жыхароў лясных чакаем,
ВАС САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
Алена Церашкова
Адказы: абрус, сурвэткі, кубкі, сподак, філіжанкі, лыжкі, міскі, гарлач, сальніца, талеркі, бутэлька.
Мікола Чарняўскі: Загадкі
***
Не званочак,
А звініць.
Ног не мае,
А бяжыць.
Як гарэза,
Скок ды скок:
Ён вясёлы...
(Ручаёк)
***
Ног не мае,
Ды яна
Нораў мае свой здаўна:
Не стаіць і не ляжыць,
А бяжыць, бяжыць, бяжыць,
Расцягнуўшы сіні хвост
На паўсотню, можа, вёрст.
Ды не так сабе прастуе:
Летам —
Рыбкаю частуе,
Піць дае
Лугам, лясам.
А завуць яе Ліса.
Здагадаліся цяпер,
Хто яна,
Вось гэткі звер?
(Рэчка Ліса)
Уладзімір Мацвеенка: загадкі
Акразагадка
Зямлю снегам замяла
Ад сяла і да сяла.
Вецер гурбы абдымаў
І да неба паднімаў.
Ранкам глянулі ў акно:
Ух! Ад снегу ледзь відно.
Хтосьці меў, і хтосьці выў.
Адгадайце, хто ж то быў?
Загадкі-задачкі
***
Яўсей
Па беразе ідзе,
Аж бачыць —
Гускі на вадзе.
Адна з іх —
Першаю плыве,
Адна —
Плыве між дзвюх.
Адна —
Апошняю плыве,
Спяшае
На ўвесь дух.
Пытаецца
У вас Яўсей:
— Колькі таі
Было гесей?
(Тры.)
***
Былі ў барана
Яго жонка і брат,
І мелі ўсе трое
Па двое ягнят.
Вось і скажы нам,
Малы матэматык,
Колькі было там
Маленькіх ягнятак?
(Чацвёра.)
Задачкі для кемлівых
1. Два земдякопы канаву капалі.
За 2 гадзіны 2 метра праклалі.
Каб вырыць сто метраў за 100 гадзін,
Колькі работнікаў трэба?
2. Шасцёра рыбакоў
З’елі 6 судакоў
За 6 дзён.
А дзесяць рыбакоў
З’ядуць 10 судакоў
За ? дзён?
3. У бацькі 6 сыноў расце.
А ў кожнага – сястра.
Дык колькі ў той сям’і дзяцей?
Нам палічыць пара!
4. За сталом сядзіць прафесар
І змагаецца са стрэсам.
Сын прафесарскага бацькі
Пад сталом збірае цацкі.
А прафесарскага сына тата
Моўчкі п’е гарбату.
Разбярыся, што ды як:
Хто каму які сваяк?
5. Прычасаныя дзяўчынкі
Хваляцца на перапынку:
Нас, прыгожых, столькі ж зноў,
Як кудлатых хлапчукоў!
Запытаюся я ў вас.
Думайце, рабяты:
Больш дзяўчат прыйшло ў той клас
Ці дзяцей кудлатых?
Адказы:
1. Адзін.
2. 6 дзён.
3. 7 дзяцей.
4. Прафесар, брат і муж прафесара.
5. Пароўну
Пераклала і завершавала Алена Церашкова
НЯВЕДКА АДГАДАЎ ЗАГАДКІ. ПРАВЕР ЯГОНЫЯ ЗДАГАДКІ.
Шэры мякенькі клубок
З печы на падлогу скок!
Ён вуркоча як матор,
А завуць яго… БАБЁР.
З восені салодка спаў,
Па вясне галодны ўстаў.
Чуеш, ломіцца праз лес…
ШАСЦІСОТЫ МЭРСЭДЭС.
Даўгадзюбы і цыбаты
На буслянцы ладзіць хату.
Гэта з выраю, здалёк
Прыляцеў наш… МАТЫЛЁК.
Спрытна моркву выбіраюць,
Ад лісіцы уцякаюць,
Скачуць весела ў бары
Касавокія… ЗУБРЫ.
Алена Церашкова
Калядныя загадкі пра дом
Ёсць дах ды падмурак,
Ды сцены з вакном.
А разам усё называецца… (дом)
Паліто вісяць радком,
Боцікі стаяць гуртом.
Дзверы ў залю, дзверы ў спальню
Адкрываюцца з… (вітальні)
Над белым чаўном –
Два бліскучыя краны.
Ага! Мы з табой
Зазірнулі ў …(ванную)
Што за бах ды тарарах,
Дзынь ды бом, ды смачны пах!
Імбрык сварыцца з патэльняй!
Мы спяшаемся ў …(варэльню)
Ложак збэрсаны дарэшты,
Кніжкі й цацкі ўперамежку.
Што за “дзік” тут насвінячыў?
Ясна, што пакой… (дзіцячы)
Як зорачка, зіхціць начнік.
Будзільнік шэпча: цік-цік-цік!
Салодкі сон да рання
Глядзець так добра ў… (спальні)
Тут усім хапае месца
І пабегаць, і прысесці.
І калі гасцей склікалі,
Накрывалі стол у… (залі).
Яна ў кожным доме – калядная госця.
У розным убранні дый рознага росту.
Пакажуць дванаццаць гадзінніка стрэлкі,
І тут жа ўсе дзеці імчацца да… (елкі)
Пад елкай – мяшкі, скруткі, скрынкі, пакункі.
А ў іх зачакаліся нас… (падарункі)
Жывуць у кватэры дарослыя й дзеці,
Тут кожны – адзіны, найлепшы у свеце!
Я ўсіх вас люблю, цврда ведаю я:
Галоўнае самае – гэта… (СЯМ’Я)
Алена Церашкова
Беларускія народныя загадкі пра зіму
Без сякеры, без кліна на рацэ мост зрабіў.
(Мароз зрабіў лёд)
Пятрок ля варот цяпло ўвалок, сам не бяжыць, а стаячых не любіць.
(Мароз)
Без рук малюе, без зубоў кусае.
(Мароз)
Ішоў генерал, з усіх шапкі паздымаў, а трое не даліся.
(Мароз, хвоя, елка, ядловец)
Ляцеў птах, на ваду - бах. Вады не скалаціў, на дно патануў.
(Снег)
Ляцелі белыя гусі, крылля русы, ды нельга з іх па пёрушку вырваць.
(Снег)
Ляцяць птушкі без крылаў, а сядаюць без ног.
(Сняжынкі)
Па калені вады, а не нап'ешся.
(Снег)
Белы, а не цукар, без ног, а ідзе.
(Снег)
Сее, вее, рассявае, зімой сляды замятае.
(Снег)
З неба ўпаў, усю зямлю, як абрусам, заслаў.
(Снег)
Зімой грэе, вясной тлее, улетку памірае, увосень аджывае.
(Снег)
Ляцеў птах, на вароты - бах, прыляцеў каптур, сагнаў адтуль.
(Снег, дождж)
На вадзе родзіцца, а вады баіцца.
(Лёд)
Зімой расце коранем уверх, а вясной памірае. Хто адгадае?
(Лядзяш)
Са страхі морква вісіць, да зямлі не дастане, паху не мае, зімой вырастае.
(Лядзяш)
Удзень шкло разбіта, а нанач устаўлена.
(Лёд у палонцы)
Стаіць дуб у чыстым полі, а на ім дванаццаць голляў, а на голлях, як заўсёды, пяцьдзесят і два гнязды. Па сем яек там ляжыць. Што гэта за дуб стаіць?
(Год, месяцы, тыдні, дні)
Летась кароль ехаў, а сёлета сляды значны.
(Каляды)
Не есць і не п'е, а ходзіць і б'е.
(Гадзіннік)
Вясковыя загадкі
Расцілі, збіралі,
Тапталі, ткалі
І на стол заслалі.
(Абрус)
З хаты ў хату водзіць, а сама не заходзіць.
(Дарога)
Было жоўтым, вырасла зялёным,
Сонца пацалвала - ізноў жоўтым стала.
(Збожжа)
Белая кабыла ўвесь лес з'ела.
(Печ)
Стары згорблены дзядок
Мае доўгі паясок,
Пхне перад сабой лясок
І кладзе снапок.
(Серп)
Білі мяне, білі, білі,. калацілі,
Клоччамі рвалі, па полі качалі
І на стол саджалі.
(Лён)
Чым больш я кручуся, тым больш таўсцею.
(Верацяно)
Стаіць пястунчык,
За кожны глытунчык
Просіць пацалунчык.
(Шклянка)
Пухнатае ягнятка,
Хто б падумаць мог:
Удзень яно з нагамі,
А ўначы - без ног!
(Шкарпэтка)
Пер'я наелася, у кашулю адзелася
І стаіць у ахвоту начная істота,
Ляжыць - дзе і ты.
Чатыры рукі і два жываты.
(Падушка)
Ну і дзіўны посуд
Носіш, браце, ты:
Дагары дном - поўны,
Дном уніз - пусты!
(Шапка)
Сто братоў адным поясам падпярэзаныя.
(Сноп)
Галавы не мае,
Шапку на назе трымае.
(Грыб)
Вершы-загадкі пра кветкі
Маніць чырванню пладоў
Шчыльная сцяна кустоў.
На калючкі не крыўдуй,
Лепш плады іх пакаштуй.
Не шукай наўпрост дарог:
жываплотам вырас глог.
Беларускай ружай клічуць.
Пчолкі кветкі ёй казычуць.
Як пялёсткі абляцелі -
Хутка і плады паспелі.
Толькі есці іх не варта.
Лепей кінуць у гарбату.
Мноства розных вітамінаў
назапасіла шыпшына.
Красавала, чырванела
кветачка на градках.
Як пялёсткі абляцелі - засталася хатка.
Патрасеш - яна звініць.
Хто у хаціне той сядзіць?
Булкам адмысловы смак
надае звычайны мак.
За плот чапляецца вусамі
сцябло з тугімі гаманцамі.
У гаманцах сядзяць сынкі,
гадуюць круглыя бакі.
Калі вусач пажоўк, засох,
глядзі: пара збіраць гарох!
Краску клічуць пустазеллем:
рвуць усе, ніхто не сее.
Пчолкі ў жыта залятаюць,
неба кропелькі шукаюць.
Ведае, напэўна, кожны
Нашы сціплыя валошкі.
У траве ў зялёнай свіце
Да ўзыходу сонца спіць ён.
А як сонейка вітае – золатам кашуля ззяе.
Раптам зробіцца надзьмуты
У пухнатым белым футры.
А пад ветрам гайданецца –
Дык у момант распранецца.
Што за модны маладзец?
Ну, вядома ж, дзьмухавец!
Мы расцем не на градзе, мы красуем на вадзе.
Першы белы, як сняжок, другі жоўты, як жаўток.
Не зрывайце нас дарма: без вады жыцця няма.
Пчолка кветку апыляе – кветка пад ваду нырае.
Пад вадой плады саспеюць, і вада іх будзе сеяць -
Круглыя, як мячыкі кветачкі-гарлачыкі.
Што за куст цвіце букетамі ,
Фіялетавымі кветкамі?
Зломім па галінцы ўсе ,
Ў хату радасць прынясем.
Абламайце хоць увесь,
Крыўдаваць не будзе бэз.
Паўсюль вы сустрэнеце гэтыя кветкі:
Блакітныя вочкі і жоўтыя зрэнкі.
На лузе, у лесе, па ўскрайку балота
Растуць яны дружна. Збірай у ахвоту.
Калі прыварот трэба моцны ды хуткі,
Каханку на грудзі кладзі незабудкі.
Паміж двух лістоў – драточак.
На драточку – сем званочкаў.
Пчолкі ў званочкі б’юць
І мядок дамоў нясуць.
І ў лісточках, і ў кветках
І атрута ёсць, і лекі.
Можа , некалі пасадзіш
Ты на клумбе белы ландыш.
Лісточкі-далонькі і золата- кветкі.
Трымайцеся з імі абачліва, дзеткі!
У кветачкі гэтай атрутныя сокі:
На скуры ад іх застаюцца апёкі.
Рукамі пакраталі – вочкі шкадуйце:
Пякучым спрадвек называецца люцік.
Жоўтае сонейка ў белых пялёстках –
Кожны з нас ведае кветачку простую.
П’ем з ёй гарбату (прастуда міне),
З ёю варожым (кахае ці не).
Дык пра якія тут кветкі гамонка?
Ты здагадаўся? Вядома ж, рамонкі!
Узімку цыбулінка спіць-спачывае.
Прачнецца – і кветкі наволю пускае.
Хай снег, хай мароз – у вясновым падлеску
Красуюць блакітныя кветкі – пралескі.
Што пахне на лузе так соладка ўлетку?
Трайныя лісточкі ды шарыкі-кветкі.
Карове, каню ды сямейцы трусінай
Наш Яська пайшоў накасіць канюшыны.
Алена Церашкова
У восеньскім лесе (загадкі-рыфмаванкі)
У крамянай цёмнай шапцы,
У лясочку, на палянцы
З-пад зямлі за ноч узьнік
Тоўсты дзядзька ... баравік.
Побач - жоўтыя сястрычкі,
Тры вясёлыя ... (лісічкі).
Крыху ўбок, ля самай сьцежкі, -
Маладыя ...(сыраежкі).
А за імі ў тры рады
Селі чорныя ... (грузды).
Не зявай, рухавы вожык,
Ды бяжы дамоў па ... (кошык):
Будзеш зіму зімаваць
Ды грыбочкі гатаваць.
Ля балота, у нізінцы
Сьпелі смачныя ... (брусьніцы).
На другім баку нізіны
Дасьпявалі ... (журавіны).
І здавалася, што вокал
Ўсё, куды ні кінеш вокам,
Як агеньчыкі, гарыць
Ды чырвона зіхаціць. **
У сукенцы рудаватай,
З жаўцізною, бы на сьвята,
Прыгажуня стала ў парку,
Кліча вопраткаю яркай.
Завушніцы - што рубіны
У чырвонае ... (рабіны).
У густым асеньнім змроку
Зьзяе сонейкам здалёку:
У сукенцы струмяністай,
Упрыгожанай маністам,
І раняе ліст, бы сьлёзы
Беластвольная ... (бяроза).
Народныя лічылкі
Раз, два, тры, чатыры,
Пяць, шэсць, сем, восем,
Выйшла баба з доўгім носам,
А за бабай сівы дзед,
Колькі дзеду таму лет?
Раз, два - рукава,
Тры, чатыры - нос ў чарніле,
Пяць, шэсць - кашу есць,
Сем, восем - сена косім,
Дзевяць, дзесяць
Мішу просім.
Раз, два - кружава,
Тры, чатыры - пачапілі,
Пяць, шэсць - кашу есць,
Сем, восем - сена косім,
Дзевяць, дзесяць - грошы весіць.
Грош згубілі, два знайшлі
У карчму усе пайшлі:
Чай п'юць, кружкі б'юць,
На стол грошыкі кладуць.
Раз, два - булдава,
Тры, чатыры - пачапілі,
Пяць, шэсць - недзе сесць,
Сем, восем - сена косім,
Дзевяць, дзесяць - сена весіць.
Раз, два, тры, чатыры,
Кошку грамаце вучылі:
Не чытаць, пе пісаць,
А за мышкамі скакаць.
Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць,
Толькі ў гюплясы скакаць.
Я скакала, я скакала,
Сабе ножку я зламала.
Раз, два, тры, чатыры,
Мы стаялі на кварціры,
Чай пілі, кружкі білі,
Па капейцы заплацілі.
Адам, Сцяпан, падай стакан!
Падай лімон - убірайся вон!
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў зайчык пагуляць,
А за зайцам - шэры воўк,
Воўк у зайцах знае толк.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў зайчык пагуляць.
А за зайчыкам луна,
Просіць выйсці калдуна.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў зайчык пагуляць.
Трох ахотнічкаў напала,
Майго зайчыка злапала.
Піф-паф, о-ё-ёй,
Памірае зайчык мой.
Прыняслі яго дамой,
Паглядзелі - ён жывой.
Раз, два, тры, чатыры,
Пяць, шэсць, сем, восем,
Мы цябе,стукач, папросім.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў месяц пагуляць,
А за месяцам луна
Аставайся ты адна.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,
Выплыў белы месяц,
А за месяцам луна,
Хлопчык дзеўчыны слуга.
- Ты, слуга, падай карэту,
А я сяду і паеду.
Ты, слуга, падай лімон,
А я свісну, а ты - вон!
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,
Выплывае белы месяц,
А за месяцам луна,
Выйшла дзевіца-слуга.
- Ты, слуга, падай карэту,
А я сяду і паеду,
Ты, слуга, падай мятлу,
А я хату падмяту.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць,
Цар вялеў мяне павесіць.
А нядоўга я вісеў:
Вецер дунуў - я зляцеў.
Ляцеў лебедзь,
Лічыў дзесяць,
Цар хацеў мяне павесіць,
А царыца не дала
І павесіла цара.
Цар вісеў, вісеў, вісеў
І ў памыйку уляцеў,
Усю памыйку аблізаў
І спасіба не сказаў.
Сем семярэй
І сямёра свіней.
Свінка і свінчын брат
І сямёра парасят.
Бег сабачка цераз мост,
Чатыры лапы, пяты - хвост.
Я сядзеў, чытаў газету,
Нехта выпусціў ракету.
Раз, два,тры
Гэта, верна, будзеш ты.
Сядзіць немец на паліцы,
Лічыць дзеці на вуліцы:
- Айн, цвай, драй, Міша, вылятай.
Сядзіць зайчык на прыпечку,
Лічыць дзеці па-нямецку:
- Сцяпан, Лявон,
Выйдзі з хаты вон!
Первенчыкі,
Другенчыкі,
Кругі,
Другі Вон!
Дружэньчыкі,
Бярвеньчыкі.
Я шышаў,
А ты выйшаў.
Ехаў мужык па дарозе,
Зламаў кола на парозе.
Колькі патрэбна гваздзей,
Кажы хутчэй!
Ехаў мужык па дарозе,
Зламалася калясо ў возе.
Колькі трэба спіц,
Каб калясо пачыніць?
Едзе брычка, званок звоне,
Выйшла пані лічыць коні:
- Раз, два, тры,
Выйдзі, малы, ты.
Стаяла машына
Каля канторы,
Нумар дзевяты
Выйдзі, пузаты.
Ані-бані, што пад вамі,
Пад жалезнымі стаўбамі?
Унчык-бунчык, сам гарбунчык,
Серабраны крэст.
Ані-бані, што пад намі,
Пад жалезнымі стаўпамі?
Сіта, пліта, квас,
Адыйдзі, дуірак, ад нас.
Ані, Вані,
Што пад вамі,
Пад жалезнымі стаўбамі?
Цып, бразь,
Выйдзі, князь.
Нітачка, голачка,
Сіня сцяколачка,
Рыба карась,
А ты убірайсь!
Нітачка, іголачка,
Ці-ці-ці,
Уляці.
Стакан, лімон,
Выйдзі вон!
Стакан вады,
Выйдзі ты!
Бегла курка па таку,
Па зялёным табаку,
Ела сахар і мядок,
Адчапіся, каралёк.
Ходзе бусел па балоту,
Заве чарцей на работу
Дзевяць!
Хадзіў буська па балоту,
Ён шукаў сабе работу.
Шукаў, шукаў, не знайшоў
І заплакаў дый пайшоў.
Пайшла курка у аптэку,
Закрычала: "Кукарэку!
Дайце пудіры і духоў
На падманку петухоў".
Ехала жаба на драбіпе
І зляцела прама ў свінні.
- Ой, не ешце мяне, свінні,
Бо я ваша гаспадыня.
Кацілася яблычка па агароду
І упала прама ў воду.
Бульк!
Ішла кошка па раялі,
Наступіла на педалі
І запела: -До, рэ, мі,
Фа,соль,ля,сі,
Што украла - прынясі.
- Я украла каўбасу,
Заўтра рана прынясу.
Ляцела кукушка міма саду,
Наплявала на расаду
І крычала: - Ку-ку, мак,
Прынімай адзін кулак.
Ішла кукушка міма сеці,
А за ёй пішчалі дзеці.
Кук-мак, кук-мак,
Выбірай адзін кулак.
Ку-ку, ку-ку,
Прынімай адну руку.
Выйшла курыца з-пад сеці,
А за ёю - злыя дзеці.
Кох-кох, адзін здох.
Шла квактуха міма сеці,
Сама села на павеці.
Кох-кох-кох,
Адзін цыплёнак здох.
Ішла кошка па раялі,
Наступіла на педалі
І ад болю закрычала:
- Мяў!
Выйшаў месяц із тумана,
Выняў ножык із кармана:
- Стану рэзаць, стану біць,
З кім астанешся дружыць?
Кацілася торба
З высокага горба.
А ў той торбе
Хлеб, пшаніца.
З кім жадаеш
Ты дзяліцца?
Кацілася торба
З высокага горба,
У гэтай торбе
Хлеб і рыс,
З кім ты хочаш,
З тым дзялісь.
Цынцы-брынцы, балалайка,
Цынцы-брынцы, паіграй-ка.
Цынцы-брынцы, не хачу,
Цынцы-брынцы, спаць хачу.
Цынцы-брынцы, хто стучыць?
Цынцы-брынцы, дзевачка.
Цынцы-брынцы, як завуць?
Цынцы-брынцы, Евачка.
Цынцы-брынцы, два кальца
Выстругалі малайца,
На святой нядзельцы
Здзелалі кацельцы,
Кадельцы упалі,
На кузню сказалі.
Кузня божыцца: - Не я,
Балалаечка мая.
Балалаечка-гудок,
Разваліўся мой дамок.
Аты-баты, шлі салдаты,
Аты-баты, на базар,
Аты-баты, што купілі?
Аты-баты, самавар.
Аты-баты, колькі стоіць?
Аты-баты,тры рубля.
Аты-баты, хто выходзіць?
Аты-баты, гэта я.
Тапор,тапор,
Сядзі, як вор,
Піла, піла,
Ляці, як страла.
Пятро,Пятро,
Падай вядро.
Карове піць
Табе жмурыць.
Ляцеў воран
У трубу чорну.
Дым валіць
Табе жмурыць.
Жыў-быў цар,
У цара быў сад,
У саду быў пруд,
У пруду быў рак,
А хто слухае,
Той дурак.
Бочка-грэчка,
Выкінь чалавечка.
Эні, бэні, тры капторы,
Мы спаймалі ў лесе вора,
Сталі думаць і гадаць,
Як нам вора пакараць.
Мы звязалі рукі, ногі
І пусцілі па дароге.
Хто ні едзе, хто ні йдзе,
Па капеечцы кладзе.
Нам капеечка не нада,
Зажмурыцца вору нада.
На стале ляжала міна,
Па-нямецку гаварыла:
- Энік, бэнік, шмык,
Выйдзі, маленькі мужык.
За сцяклянымі дзвярамі
Стаіць Мішка з пірагамі.
- Здраствуй, Мішанька, дружок,
Колькі стоіць піражок?
- Тры капейкі з палавінай,
Ухадзі, дурак, з дубінай.
Дзеці, дзеці, дзетвара,
Уцякайце са двара.
Хто не захаваецца
Крычыць "ура!"
Ішла дзевачка па рынку,
Наступіла на карзінку.
У той карзіначцы табак,
Хто закурыць, той дурак.
Ходзіць свіння па двару
І шукае лебяду,
А за свіннёй стары дзед,
Таму дзеду сорак лет.
Сорак, сорак, пяцьдзесят,
Выйшаў дзедушка-басяк.
Ішоў баран па бару,
Ірваў капусту, лебяду.
Што сарве, то у пучок,
Выйдзі вон, дурачок.
Плыла жабка па вадзе,
Хто-та злапе,
Той выйдзе.
Бег сабачка-галашыйка,
У яго борачка на шыйке.
То не борка - ланцужок,
Выйдзі, міленькі дружок.
Ішоў баран
Па крутым гарам,
Вырваў траўку,
Палажыў на лаўку.
Хто яе возьмець,
Той вон пойдзець.
Бег зай па бару,
Абіраў лебяду.
Рваў,клаў у пучок,
Выбірайся,ваўчок.
Чэрці ў возеры купалісь,
Чэрці рожкамі штурхалісь,
Чорт чарцёнка штурхануў
І чарцёнак патануў.
Дзядзя Коля - велікан,
Уваліўся у стакан.
У стакане малако,
Дзядзя Коля ко-ко-ко.
Ехаў жаўнер із бальніцы,
Знайшоў белы рукавіцы.
Думаў, думаў, куды дзеці
Лепш на ручаньку надзеці.
Рэльсы гнуцца, рэльсы гнуцца,
Пад мастом паны дзяруцца,
Адзін маленькі панок
Удзіраець без парток.
А назаўтра рыбакі
Прывязлі яму парткі.
Ен спасіба не сказаў,
Толькі дулю паказаў.
Йшла Малання з доўгім носам,
Падышла ка мне з вапросам:
- Што рабіць мне з гатым носам?
- Ідзі ў магазін,
Купі карасін,
А патом, а патом
Адсячы тапаром.
Апанас, Апанас!
Твая жонка у нас
Увалілась у квас
Лаві сем год нас!
Кінь, кінь, перакінь,
Давай далей пабяжым,
Цераз воду і агонь,
Не дагоніць нас і конь.
Петушок, петушок,
Залаты грабянёк!
На саломцы спаў,
Рана ён устаў,
Па вадзічку пайшоў,
Маладзічку знайшоў,
Маладзічка дабра
Яму штонікі дала.
Ён і тыя не знасіў
І другія папрасіў.
А ты, коцік, не гуляй,
Начовачкі прыбірай!
Начовачкі склізкі,
Вядзёрачкі блізкі.
Круг абарваўся,
А ты так астаўся.
Тарана, тарана,
Купіў бацька барана,
Да не скобленага,
Да не доенага.
Матка даіла,
Даёнку пабіла.
- Хто не ўмеець гараць,
Таму хлеба не даць,
Ні капусты, ні бацвінні
Хай пасець у полі свінні.
Яму свінні дакучылі,
Хутка гараць навучылі.
Кацілась каляска
Па сінім масту,
Мост праваліўся,
Каляска - ў ваду.
Не жалка каляскі,
Не жалка маста,
А жалка царэўны:
Яна малада.
Агурэчак,агурэчак,
Ты не йдзі на той канечак:
Там бабкі жывуць,
Табе хвосцік адарвуць.
Рагадан, рагадан,
На чатыры загадан.
Кацярынін нос
На пятнаццаць вёрст.
Шалдэ-балдэ,
Бушмак барада,
Выйдзі вон з гарада.
Турмас!
Саломіна-яломіна,
Берасцень-пасвісцень.
Радзівон, выйдзі вон!
Ходзіць кошка
Ля вакошка,
Маніць дзетак
Каля клетак:
- Ах вы, дзеткі,
Многа вас,
Сіня шапка,
Прэч ад нас!
Ішоў кот праз сто варот,
Дайшоў да канца,
Знайшоў кацяня.
Мяў!
- Круціцеся, жорны,
З'едзен хлеб наш чорны:
Крысін і Марысін,
Грунін і Анісів,
З'едзен і Пятроў хлябок.
Намялі для іх, дзядок.
Курыца-квактуха
Вадзіла дзяцей
Каля кляцей.
Квох - сесці
На красным месці,
Яечка знесці.
- Заяц-месяц,
Дзе ты быў?
- У лесе.
- Што рабіў?
- Лыкі драў.
- Куды клаў?
- Пад калоду.
- Выйдзі вон із карагоду!
Беглі коні пад мастамі
3 залатымі капытамі.
Дзінь-бразь,
Выйдзі, князь!
Сава,соўка,
Маладая ўдоўка,
Сядзіць на цавеці,
Люба паглядзеці:
Сама шэранькая,
Дзюбка доўгенькая.
Дзінь-бразь,
Выйдзі, князь,
Не забудзь дзіця.
Эна, бэна, рэсь,
Кэнтар, мэнтар, жэсь.
Эна,бэна, раба,
Кэнтар, мэнтар, жаба.
Эны-бэны, фіны, лёк,
Сам Пятровіч бліны пёк.
Пёк, пёк, не дапёк,
Схапіў шапку дый уцёк.
Раз, два, тры, чатыры, пяць
Я іду шукаць.
Хто перада мной стаіць,
Той ў агне гарыць.
Раз, два, тры
Гэта, верна, будзеш ты.
Анцы-цванцы,
Трынцы-ярынцы,
Пятым-ладым,
Шуктым-буктым,
Дэвір-дэкс!
Рыгор Барадулін: Лапатушкі-хуткамоўкі
І зусім
Не крыллем птушкі —
Языкамі лапатушкі,
Хутка мовячы, лапочуць,
Сакатушкамі сакочуць.
***
Бач,
Як навастрылі вушкі
Хуткамоўкі-балбатушкі.
І балбочуць, і якочуць.
Ці не збегчы з дому хочуць?
***
У нябачанай кватэры
Дзверы
Зробіма з паперы.
Хуткамоўкі змоўкнуць крышку,
Покуль не адчынім кніжку.
***
Пасвішчы на пасвішчы,
Курапатак пасвячы.
А, каркуючы карчы,
Пра харчы карцу крычы.
***
Спакойна шпакоўню ціхую
Шукае шпак са шпачыхаю.
***
Ехалі ў вясёлай згодзе
Параход на карагодзе,
Карагод на параходзе.
Ім казала пара: годзе!
***
Калі жывеш на хутары,
З кампутарам пагутары.
***
Не наступі на золку
На золкую зёлку.
***
Каштуе колькі колкі
Кончык іголкі?
***
Каню не кажы,
Што канюшына ў кашы.
***
Рэха вывалілася з арэха
І паехала ў рэхава.
***
Мулка зроку ў змроку,
Гулка ўранні кроку.
***
Звалілася з вяза ваза,
А з бука
Азбука.
**
У Клічава сваё клічава.
У Крычава сваё крычава.
У Лепеля сваё лепліва.
У Магілёва сваё імглёва
Падборка скарагаворак
Белы бусел баіў байку беламу зайку.
На двары стары баран грукаў зранку ў барабан, што Рабая курка клюе крупкі, боб ды боб — два бабы, а яшчэ боб — тры бабы.
Гром грыміць, страляе, у дубы цаляе.
Шэсць мышанят у шалашы шамацяць: "Мама Мышка сушыла шышкі".
Каток нітак клубок закаціў у куток.
Смешкі кошцы, слёзкі мышцы.
Жвавы вожык жыва жуку пашыў кажух.
Паша Машы пашыла папаху, Маша шыла шапку Сашу. Шапку Сашы шыла Даша.
Саша шпарыла шашой, смактала сушку за шчакой.
Твая маці і мая маці пяклі булкі ў адной хаце.
Пекар Пётр пёк пірог.
Ехаў Пракоп з Пракопіхаю і малым Пракапяняткам. З'еў Пракапянятка трыццаць тры пірагі з пірагом ды ўсе з тварагом.
У арла пароль “арол”, арол пароль запароў. Рапартаваў арол пра пароль, рапартаваў ды не дарапартаваў, стаў дарапартоўваць ды зарапартаваўся.
Рыбак Рыгор на рацэ рыбачыў, рыбы не бачыў, а бачыў, як лавіў рыбак судака, судзіў судак рыбака: лоўка, рыбак, ловіш, судаку сорам робіш.
Скача чапля па балоце, чачотачка ў чароце, а чубаты чачот топча, топча агарод. Я чачота падпільную, чапялою пачастую.
Чалавеча, чалавеча: чаму часам плачаш, а часам скачаш?
Лаўрэн лавіў рыбу, Лара варыла рыбу з лаўровым лістом.
Руды Рыгор гроб грыбы граблямі.
Вадавоз вёз ваду ад вадаправода.
Прытупіў пілу Піліп — пілаваў палена з ліп. Піліп пілаваў, Патап пакапаў — бык патаптаў.
Мама з Мілай мылі раму. Мама Мілу мыла мылам, Міла мыла не любіла, Міла мыла ўтапіла, мама мыла шукала, мама ў Мілы пытала, хто пабудзе ў вадзе і нямокры ідзе.
Ткач ткаў на таху, хутка хукаў на руку, ткаў ткач тканіну на хустку Яніне.
Ні чуткі, ні прычуткі, а чатыры чорныя карчы чарнеюць чорнымі чубамі.
Дудар дудару дарма грае.
I тут гу-гу, і там гу-гу, і нічога разабраць не магу.
Скарагаворкі Алесі Панцак
***
Ехаў Міхал па шашы,
У прычэпе вёз кашы,
За шчакой трымаў лядзяш -
Кіраваўся на кірмаш.
***
- Буль, буль, буль! - булён буркоча,
Ён зварыцца смачным хоча:
З бульбай, морквай, буракамі,
Закаштуем хутка самі!
Коткавы казкі
Маленькія лапкі,
На лапках драпкі,
Ціхенька ступае
Ды мышак пужае.
***
Бом-бом, цілі-бом,
Загарэўся котчын дом.
Мышка белая з вядром
Патушыла котчын дом.
***
Раз, два, тры, чатыры,
Кошку грамаце вучылі:
Не пісаць, не чытаць,
А за мышкамі скакаць
***
Пайшоў коця па плоце
У шэранькай капоце
Памарозіў лапкі,
Палез на палаткі,
Сталі лапкі грэцца –
Дзе каточку дзецца?
Палез бы вышэй,
Ды баіцца мышэй.
Народныя забаўлянкі
Коцік-коцік-коцік,
Цёпленькі жывоцік.
Кіці-кіці-кіці,
Востранькія кіпці.
***
Тра-та-та,
Тра-та-та,
Выйшла кошка за ката,
За катом ёй добра жыць,
Бо не трэба тапкі шыць.
Мякенькія лапкі –
І не трэба тапкі!
***
Пайшоў каток у лясок,
прынёс каток паясок.
Пайшоў каток на ганачак,
прынёс нам абараначак.
Пайшоў каток на рыначак,
прынёс каток разыначак.
Пайшоў каток на таржок,
прынёс каток піражок.
Пайшоў каток на вулку,
прынёс нам хлеба булку
***
Кую-кую ножку,
паеду ў дарожку,
куплю чаравічкі,
малы, невялічкі,
кую, кую другую,
паеду ў даўгую.
Дарожка –даўгая,
а ножка – малая.
***
Сарока-варона
кашу варыла,
дзетак карміла,
гэтаму – дала,
гэтаму – дала,
гэтаму – дала,
гэтаму – дала,
а гэтаму – не дала.
Ты самы малы,
вады не насіў,
дроў не калоў,
круп не малоў.
Бяжы да крыніцы,
прынясі вадзіцы,
усім нам напіцца –
тады дам табе кашы.
Тут пень, тут калода,
тут мох, тут балота,
а тутака крыніца – сцюдзёна вадзіца
пацякла-пацякла-пацякла!
***
Ладу-ладу-ладкі,
Пабіліся бабкі
За камок цеста
Пасярод места,
За скарыначку
Сярод рыначку.
А вы, бабачкі,
Вы не біцеся,
Вы купіце піражок,
Памірыцеся!
***
Ладкі ладком,
Піражкі з мядком,
Кашка з алеем,
Есці не ўмеем.
Васіль Вітка: Лічылка
Раз, два, тры, чатыры -
Зайчык вушы натапырыў.
Ідзе з лесу воўк, воўк
І зубамі: шчоўк, шчоўк.
Мы схаваемся ў кусты:
Зайка, я, і ты, і ты.
Ты ж, ваўчына, пачакай,
Як схаваемся - шукай.
Аксана Спрынчан: Прыгаворкі-прыпеўкі ад 0 і да...
Падчас практыкаваньня “ровар”
На ровары-каровары
мы ехалі празь лес.
На ровары-каровары
ніхто да нас ня лез.
На ровары-каровары
мы везьлі смакату.
На ровары-каровары
любімаму кату,
ўлюбёнаму кату,
і любаму кату,
ту-ту-ту, ту-ту, ту,
ту-ту-ту, ту-ту, ту,
ту-ту-ту, ту-ту, ту...
Падчас практыкаваньня “пераварочваньне з боку на бок”
Чок-чок-чок – на бачок,
гі-гі-гі – на другі.
Падчас масажу стопаў
Пятачка ў дзяўчынкі (хлапчынкі),
пятачок у сьвінкі.
Мы пачэшам пятачок –
і пачуем “рох-рох-рох”.
Мы пагладзім пятачку
і паклічам татачку.
Падчас лётаньня
Палётаем, палётаем
на маміных (татавых) руках.
Палётаем, палётаем
і ўскрыкнем: “Ах!”
Падчас кармленьня дзяўчынак
Будзем есьці, будзем есьці,
каб узорнай быць нявесьце,
каб і прынцу гатавала
смажаніну, боршч і сала.
Будзем есьці, будзем есьці,
каб разумнай быць нявесьце,
каб і прынцу гатавала,
раз на тыдзень – не замала.
Будзем есьці, будзем есьці,
каб вясёлай быць нявесьце,
каб і прынцу гатавала
раз на тыдзень вельмі мала.
Падчас піцьця вады
Будзем піць ваду,
выжанем бяду.
Будзем піць паболей,
каб паменей болю.
Падчас нашэньння слупком, каб дзіця зрыгнула
Адпусьцім паветра на волю –
няхай будзе лепшая доля,
бо цяжка сядзець у жывоціку
і вуркатаць, і вуркатаць, і вуркатаць,
нібы коціку.
Падчас ікоткі
Ізноўку напала на нас
паганая котка Ікотка.
Пагонім яе мы на прас,
хай мяўкае цёплыя ноткі.
Падчас “агуканьня” альбо нейкай прозьбы
Я табе дапамагу,
тады скажаш мне: “Агу”.
А ты мне дапамажы,
я скажу табе: “Жы-жы”.
Падчас купаньня
Тых-тых, тых-тых –
левай ножкаю бултых.
Тых-тых, тых-тых –
правай ножкаю бултых.
Тых-тых, тых-тых –
ты і ручкамі бултых.
Тых-тых, тых-тых –
ты ўсьміхаешся для тых,
хто і ўвечары, і ўночы
мыць цябе заўжды ахвочы.
Падчас укладваньня спаць
Ляжам спаць у ложачак,
тут ня ходзіць вожычак.
Тут і тата спаць хацеў,
ды ня ўлез, хоць шмат ня еў.
Зімовае прызнаньне ў любові да дачкі
Дзяўчыначка-сьняжыначка
зьляцела на Зямлю.
Сьняжынка не растала,
бо я яе люблю.
Варыяцыя 1 на тэму ладак
--Ладкі-ладулі,
дзе былі?
--Ў бабулі.
--Што рабілі?
--Гулі.
--А што пілі
ў бабулі?
--Пілі мы
крамбамбулю.
Варыяцыя 2 на тэму ладак
--Ладкі-ладкі,
дзе былі?
--У бабкі.
--Што елі?
--Аладкі.
--Што пілі?
--Гарэлачку
пад зялёнай
елачкай.
Бясконцыя фразы для закалыхваньня-супакойваньня
(невядома, дзіцяці ці сябе)
Лі-лі-лі, лі-лі-лі –
ты анёлак ня Зямлі.
Лю-лю-лю, лю-лю-лю –
я анёлачка люблю.
Ле-ле-ле, ле-ле-ле –
нехта слёзкі лье і лье.
Лё-лё-лё, лё-лё-лё –
лепей ты скажы “алё”.
Бе-бе-бе, бе-бе-бе –
пацалую я цябе.
Рэ-рэ-рэ, рэ-рэ-рэ –
зараз восень на дварэ.
Ма-ма-ма, ма-ма-ма –
а да нас ідзе зіма.
Не-не-не, не-не-не –
Будзем радыя вясьне.
Но-но-но, но-но-но –
будзе лепшае кіно.
Ру-ру-ру, ру-ру-ру –
мы пабачым кенгуру.
Ду-ду-ду, ду-ду-ду –
так гаворыць какаду.
Бу-бу-бу, бу-бу-бу –
мы паклічам марабу.
Ву-ву-ву, ву-ву-ву –
Будзем есьці мы халву.
Ан-ан-ан, ан-ан-ан –
будзем біць мы ў барабан.
Дзе-дзе-дзе, дзе-дзе-дзе –
мы паграем на дудзе.
Ян-ян-ян, ян-ян-ян –
парасьцягваем баян.
Ус-ус-ус, ус-ус-ус –
мы накруцім тату вус.
Ос-ос-ос, ос-ос-ос –
пацалуем татку ў нос.
Кі-кі-кі, кі-кі-кі –
дакранемся да шчакі.
Яж-яж-яж, яж-яж-яж –
зробім маме макіяж.
Ро-ро-ро, ро-ро-ро –
пад зямлёю ёсьць метро.
Ях-ях-ях, ях-ях-ях –
а на небе – Млечны Шлях.
Ес-ес-ес, ес-ес-ес –
мы паедзем хутка ў лес.
Ён-ён-ён, ён-ён-ён –
падае далоню клён.
Ок-ок-ок, ок-ок-ок –
скінуў жолуд нам дубок.
Ёс-ёс-ёс, ёс-ёс-ёс –
будзе ў нас шчасьлівы лёс.
Ас-ас-ас, ас-ас-ас –
мы ўзьбярэмся на Парнас.
Бом-бом-бом, бом-бом-бом –
будзем піць жыцьцё нагбом.
Забаўлянкі
Лес, палянка,
Горка, ямка,
А там халодная вадзіца.
(Малому дзіцятку кудлацяць валасы, потым гладзяць па лобіку, водзяць пальцам па носіку, па роціку, казычуць пад шыйкай і кажуць гэтыя словы.)
Мішка, Грышка і Шчыпай
Ехалі на лодцы.
Мішка, Грышка патанулі,
Хто застаўся ў лодцы?
(Дзіцё адказвае "Шчыпай", і яго пачынаюць шчыпаць)
Хоп-дзюк, хоп-дзюк,
А я добры дзяцюк.
І на конікі канюх,
І на волікі пастух,
І на качкі стралец,
І на дзевак маладзец.
Я пашыю гусьцы тапкі,
Бо памерзлі ў гусьцы лапкі.
О-я-яй, о-я-яй,
Гуська, тапкі абувай.
Паня сына радзіла,
На коніка садзіла.
Канёк вараненькі,
Панічок маленькі.
Гуца конік да вады,
Шаўковыя павады.
Канёк не напіўся,
Панічок зваліўся.
Гоп, гоп, гоп…
Еду я на коніку.
Скок, скок, скок…
Еду я да доміка.
Гоп, гоп, гоп…
А ў доміку госці.
Скок, скок, скок,
Паны ды ягамосці.
Кую, кую ножку -
Паедзем у дарожку,
За чатыры мілі,
Па масла, па сыры,
Дарожка крывая,
Кабылка храмая,
А ножка малая.
Кую, кую пятку,
Я паеду к татку.
А ў нашага татка
Ды на гары хатка.
І садок, і мядок,
І цыбулькі градка.
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку,
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая.
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі,
Да свайго дзядулі.
Дзед дасць піражочак
І сыра кусочак.
Шла каза рагатая,
Парола дзіця пузатае,
Шоў следам ваўчок,
Шчыпнуў за бачок.
Заклічкі і прыгаворы
Бусел, бусел калода,
Што заўтра будзе –
Дождж ці пагода?
Калі сонейка – кружыся,
Калі дожджык, то садзіся.
***
Грыбочкі, грыбочкі,
Пакажыце лабочкі.
Я вас не пакіну –
Забяру ў карзіну.
Чужыя грыбы пад імхом,
А мае вярхом, вярхом.
Чужыя грыбы пад лісточкам,
А мае грыбочкі пад кусточкам.
Чужыя грыбы пад лазінку,
А мае ў карзінку.
***
Слімак, слімак,
Дастань рожкі,
Дам грошык на дарожку.
***
Смоўжык, смоўжык,
Выстаў рожкі –
Я табе дам
Два пірожкі.
***
Пацягунушкі, пацягунушкі,
Папярок талстунушкі,
А ў ножкі хадунушкі,
А ў ручкі хватунушкі,
А ў раток гаварок,
А ў галоўку разумок.
***
Каб нам ікалку прагнаць,
Трэба тры разы сказаць:
«Ехала ікалка
На рабой кабыле,
Кабыла ўпала –
Ікалка прапала».
Сонечны кошык
Дзед Мароз
Дзед Мароз прыйшоў здалёк,
На ставок паклаў лядок.
І ставок пад тым лядком
Зазвінеў,
Бо стаў ... .
Зімку ўсю
Па коўзкім лёдзе
Мы напару шпарка ходзім.
Мчым па рэчцы нацянькі:
Мы – двайняты,
Мы – ... .
Зіма
З зубамі,
Але не бабёр,
Лес валіць,
Але не тапор.
Гудзе,
Звініць,
Кусаецца,
Як з дрэвам
Сустракаецца.
Мышка
Прыцягнула мышка
Кніжку –
Падвучыць
Дачку-малышку
– Не трымай яе ў гразі,
А па літарцы
Грызі.
Галкі селі на арэлі –
Санцапёк не мог сагнаць.
Гэтак галкі загарэлі –
Іх здалёку не пазнаць.
Хамяк
Ой, чаму ж у хамяка
Стала тоўстаю шчака?
Разбалеўся, можа, зуб?
За шчаку напхаў ён круп.
І паскардзіцца наўрад:
За шчакой
Ягоны склад.
Мікола Чарняўскі.
З кнігі "Сонечны кошык"
Змешчана з дазволу выдавецтва "Мастацкая літаратура".